Хто гэтыя берасьцейскія ўкраінцы і адкуль яны ўзяліся на Берасьцейшчыне і Піншчыне? Не хацелася б у гэтым артыкуле заглыбляцца ў праблемы этнагенэзу ўкраінцаў і беларусаў. У сьвеце практычна няма краінаў, дзе б палітычныя межы супадалі з этнічнымі. Нешта падобнае і на Берасьцейшчыне. Далучыўшы ў 1939 годзе Берасьцейшчыну да Беларусі, каб кампэнсаваць ёй страту Смаленшчыны, бальшавіцкая Масква далучыла да Беларусі і тутэйшых карэнных украінцаў. На той час у нас была значна пашыраная ўкраінская нацыянальная сьвядомасьць: Берасьцейшчыну пакрывалі дзясяткі каапэратываў і гурткоў «Просвіты». Дзейнічалі такія ўкраінскія палітычныя партыі як УНДО, Сельроб, Сельсаюз, КПЗУ, АУН. У гэты час Берасьцейшчына дала шэраг вядомых украінскамоўных пісьменьнікаў: Д.Фалькоўскага, Ф.Одрача, І.Хмеля. Беларускіх структураў у раёне практычна не было, апроч КПЗБ — бо зь Менску кіраваць камуністамі было лягчэй, чым з далёкага Кіева. 1939 год. Пакуль у Маскве вырашалася, куды адыдзе Берасьцейшчына, пару месяцаў у Кобрыне, Янове, Пінску ўся афіцыйная дакумэнтацыя вялася па-ўкраінску, адкрыліся ўкраінскія школы. У 1940-м іх было 88: у Берасьцейскай вобласьці 58, у Пінскай — 30. Пад час нямецкай акупацыі большая частка Берасьцейшчыны была далучаная да райхскамісарыяту «Ўкраіна», дзяржаўнымі мовамі былі абвешчаныя нямецкая і ўкраінская, усе школы былі ўкраінскія. У лясах на поўдзень ад Кобрыня, ля Дывіна, пачалі стварацца першыя сотні Ўкраінскай Паўстанцкай Арміі. На тэрыторыі Берасьцейшчыны паўстанцкія групы ўкраінскіх патрыётаў працягвалі збройную барацьбу супраць бальшавіцкіх уладаў да 1953 году, і менавіта гэта (а зусім не беларускі патрыятызм адміністрацыі) стала прычынай таго, што ўкраінства ў нас і на сёньняшні дзень фактычна забароненае. Каб апраўдаць гэтую палітыку з «навуковых» пазыцыяў, была нават створаная антынавуковая тэорыя трэцяга беларускага дыялекту — заходне-палескага, насуперак клясычнай беларускай дыялекталёгіі, якая ведае толькі паўднёва-заходні і паўночна-ўсходні беларускія дыялекты. Назва «паляшук» як саманазва на Берасьцейшчыне ніколі не выкарыстоўвалася, «палешукамі» яны называюць цёмных, неасьвечаных, бедных людзей. На поўнач ад Берасьця слова «паляшук» выкарыстоўваецца як лаянка. У якасьці этноніму на Берасьцейшчыне была пашыраная архаічная саманазва — руські (расейцаў найчасьцей называлі кацапамі, беларусаў — хацюнамі, літвой, дзекачамі. Назва «беларусы» цяпер замацавалася як палітонім). У 1990-х на Берасьцейшчыне створаныя ўкраінскія суполкі, аднак ім не даюць разгарнуцца. Вось і цяпер «не прайшло» перарэгістрацыі ніводнае ўкраінскае аб’яднаньне (17-га будзем судзіцца з гэтай нагоды з уладамі). Улады хочуць бачыць карэннае насельніцтва Берасьцейшчыны якімісь дурнымі палешукамі, «саўкамі», здольнымі толькі на тое, каб пастаўляць чалавечы матэрыял для іншых народаў. Лічу, што дэмакратычныя сілы Беларусі павінны адмовіцца ад падтрымкі гвалтоўнай асыміляцыі ўкраінцаў Берасьцейшчыны і разглядаць іх як украінскую аўтаномную нацыянальную меншасьць, як гэта зроблена ў Польшчы што да беларусаў Беласточчыны. У іншым выпадку Беларусь будзе мець праблемы з выкананьнем міжнародных стандартаў у справе абароны нацыянальных меншасьцяў.
«НАША НІВА», 15 лістапада 1999 г.
|